Home

Рэкляма

annahonda

Entries · Архіў · Сябры · Profile

* * *
У маім доме вельмі тоўстыя сцены і перакрыцці...
І ўсё роўна нават праз іх я чую кожнае слова гурта "Рукі ўверх" з кватэры, якая нават не пад маёй знаходзіцца...
Вось думаю -- пайсці забіць, ці пакінуць гэтае задавальненне непасрэдна іх суседзям?
* * *
Увага: фотка не мая!
76.64 КБ
Шчасце -- гэта ...
... у спякотны дзень гушкацца на арэлях, прывязаных да высокай галіны старой грушы, з кавуном у руцэ...
* * *
У чым сіла, брат...
Бабулька гадоў сямідзесяці апошняй забягае ў тралейбус. Жанчына немаладога ўжо веку саступае ёй месца і кажа:
-- Бачыла, як вы беглі... Адкуль толькі сілы ў такім узросце!
Бабулька хвіліну думае і кажа:
-- А я скажу... Сіла -- у каленях!
Паўза. Яшчэ праз хвіліну.
-- Колькі на каленях перад Богам прастаю, столькі ён мне сілаў і дае...
Запалі мне ў галаву яе словы.
Спачатку я думала, што кожнаму даецца сілаў па сіле яго веры. Але пасля зразумела, што ключавое слова ўсё ж "калені".
Кожнаму даецца па яго пакоры.
* * *
Неперакладальны постсавецкі жаночы гумар
Сустракаю аднакласніцу. Хаўдуюду...
Я, змрочна: Якое жыццё, калі мне восем батарэй тры месяцы мяняюць і яшчэ не скончылі...
Яна, філасофскі: Мммм... Жыла я і з Еўрарамонтам, і з Катэджам... Ат, нідзе шчасця няма...
* * *
Пра сяброў

Паглядзець на Яндекс.Фотках

Выхожу з дому, не адна, каля пад'езда сустракаю сваю суседку. Яна жыве ў кватэры пада мною разам са сваёй любімай. Вітаюся... Прайшлі дзесяць метраў, сустракаю калегу. Гаворым пра свае агульныя справы, а ён увесь час глядзіць на майго спадарожніка, які стаіць амаль за яго спіной. Прычым глядзіць так пяшчотна, што таму становіцца няёмка. Я зварочваю гутарку, ідзем далей і смяемся -- гэта ўжо другі выпадак, калі ў мяне мужчына спрабуе звесці мужчыну, толькі той раз замест літаратуразнаўцы быў паэт... Пад гэты радасны рогат, літаральна праз дзесяць метраў, сустракаю другога калегу... Так як я ўсё яшчэ ў тэме, а калегі між сабой знаёмыя, пераказваю здарэнне, каментуючы адпаведна, маўляў "дажыліся". І тут голас майго другога калегі становіцца ледзяным: "Нам трэба ісці!" Высвятляецца, што мы яго не аднаго сустрэлі, а з яшчэ адным мужчынам... Яны ўдаляюцца, у нас нямая сцэна.
Увесь вечар я чула: "Ну і сябры ў цябе, Анечка!"
І вось цяпер у роздуме: гэта са мной нешта не так ці са светам?

* * *
* * *
* * *
Хайку
* * *
Поўня
Не ведаю, сябры, ці ёсць сярод вас сексапатолагі...
Але падзялюся цікавым назіраннем, звязаным з інтэрнэтам.
Як толькі ў небе поўня, дык ва фрэндстужцы допісы сексуальнага характару.
Вось колькі гадоў я ў нэце, столькі назіраю гэтую шыкоўную заканамернасць...
* * *
* * *
Я -- фаталістка
Сёння на станцыі метро Плошча Незалежнасці жанчына трапіла пад цягнік. З яе боку платформы людзей было мала, таму толькі нейкі мужык закрычаў, замахаў рукамі, заскакаў на месцы, як звар'яцелы, падаючы сігналы машыністу, каб спыніўся... Жанчына апынулася між рэек, а машыніст націснуў на экстрэнны тормаз. Яна ляжала між першымі коламі, а на станцыі раўла песня "паляцела душа..." Пасажыры сталі зазіраць пад колы, але бачна была толькі жоўтая куртка і сумачка...
А пасля цётку, жывую, толькі з калатуном, дасталі літаральна з-пад вагона і вынеслі на насілках. Усё заняло дзесяць хвілінаў... Не лёс!
Мяне заўсёды здзіўляе, што з адных і тых жа сітуацый людзі выходзяць па-рознаму. На ўсё жыццё запомніла выпадак, як з акна ліцэя выпаў хлопец і разбіўся насмерць, а дзяўчыну, якая скокнула з таго ж вакна, пры мне ж хуткая дапамога забірала адно з пераломам канечнасцяў.
Але найбольш уразіла мяне адна цётка, якую я бачыла пад-час практыкі ў 9 бальніцы. Яна хацела скончыць жыццё самагубствам і кінулася з дзевятага паверха. Здавалася б -- якія тут варыянты? Не, яна паразбівала сабе ўсё ўсё, акрамя мозгу. Ляжала пры поўнай свядомасці і пальцам варухнуць не магла...
Карацей, не ведаю, як вы, а я -- фаталістка!
* * *
Салодкая жанчына
Сёння сустрэлася з выключным выпадкам непатрыятызму...
Жанчына ў чарзе перада мной расхвальвае ўкраінскія цукеркі, шукаючы падтрымкі ў тых, хто побач. Я якраз побач, таму спяшаюся згадзіцца, маўляў таксама вельмі люблю ўкраінскі шакалад... І тут яна прыводзіць проста такі забойны аргумент.
-- Беларускі шакалад нават на маску для твару не гадзіцца, скочваецца ў шарыкі!!!
Ну што тут скажаш?
* * *
Хто мы такія?
***
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
"Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, -- папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?"

Сёння ноччу -- лепшы час, каб назіраць Персяіды.

* * *
Жыццё інсектаў

на Яндекс.Фотках

Іншым разам адчуваю сябя Дзюймовачкай.
Не ў сэнсе маленькай-маленькай.
Я адчуваю сябе Дзюймовачкай са старога савецкага мультфільма... Жук занёс яе на дрэва на баль. Яна стаіць на галінцы, вагаецца, ёй страшна і няўтульна. Тут падлятаюць дзве жучыхі і гавораць здзекліва, з нотай перавагі:
-- У яе толькі чатыры лапкі! Якое ўбоства!

Цікава, калі ж у людзей скончыцца гэтае жаданне -- падлічваць чужыя лапкі?

+1 )

* * *
Дробязі як прыкмета шчасця

Калі здараецца сапраўдная бяда, чалавек перастае адрозніваць дзень ад ночы. Ведаю па сабе.
А бывае проста цяжка -- калі ёсць толькі чорна-бел, дзень і ноч... Вялікія непрыемнасці закрываюць успрыйманне надвор'я -- табе нецікава, што там на вуліцы: сонца, снег, дождж...
Калі ўсё нармальна, ты бачыш і ўспрыймаеш закаты і ўсходы, ранішнюю расу і вечаровы туман...
Напэўна шчасце -- гэта калі ты заўважаеш нават такую драбязу, як гэты маленькі зялёны латнік.
Мне хочацца, каб і вы -- заўважалі...

* * *
Бізнэс-ідэя: лекі ад кахання
Даволі часта даводзіцца чытаць, што каханне выклікае змену хімрэчыва ў арганізме.
А калі гэта так, то значыць можна і вынайсці і медычны прэпарат, які зможа ўсё адвярнуць назад, да нармальнага стану... Во ўжо ўзбагацяцца фармакалагічныя кампаніі, калі такія лекі будуць вынайдзены!
Упэўнена, мільёны людзей заплоцяць за тое, каб спыніць свае пакуты.
А яшчэ пару мільёнаў складуць сябры і сваякі закаханых. Бо іншым разам глядзець на іх глупствы, слёзы, дэпрэсіі, трызненні абсалютна невыносна...
Зноў жа, харошая ідэя для псіхатэрапеўтаў пісаць у аб'явах: кадзірую ад нераздзеленага кахання...
* * *
Гульцы і нябожчыкі
Неяк чытала пра дзіўны звычай. Быццам бы на украіна-беларускім Палессі раней садзілі нябожчыка ў карты гуляць. Такая вось забаўная перадпахавальная фантазія...
Не ведаю, было тое ці не... Але вось давялося мне сёння быць раніцай ў казіно. Карціна, скажу я вам, сюрэалістычная. У касе грошы стопкамі стаяць... Ахоўнікі стомленыя хістаюцца... А ў пустым залі за адным сталом сядзіць восем гульцоў з тварам выцягнута-зялёнымі. Ну чыста нябожчыкі!
* * *
08.08.08.
Еду па праспекце Пераможцаў.
Бачу -- грошы лятуць. Глюк, думаю. А яны ўсё лятуць і лятуць! Вочы працерла...
-- Ой, девушка, чего ж вы так удивляетесь? Сегодня же 08.08.08. Вот все и женятся... -- пракаметавалі побач.

Не адразу я прасякла сувязь між пабачаным і пачутым... Новабеларускія традыцыі, аднак.

* * *
Клемацісы

+3 )
* * *
Птушкі і гнёзды... Гадзючыя.
Не сакрэт, што я люблю птушак... Але вось учора схадзіла ў госці і задумалася, а да якой ступені?
А справа была так. За сталом размова пайшла пра дачы. І адна жанчына неяк змрочна так час ад часу прамаўляла: "А ў нас гадзюкі па агароду пешшу ходзяць..." Я, натуральна, вырашыла, што гэта нейкая ідыёма. Аднак пасля таго, як жанчына нагадала, што трэба рабіць пры ўкусе гадзюкі, я зацікавілася, адкуль такія глыбокія веды. І пачула душараздзіраючую гісторыю. Як яна вясной легла на ложак, ляжыць хвіліны тры, і раптам адчувае, што па другім краі нешта паўзе... Паварочвае галаву -- гадзюка! Ну год яна на дачу не ездзіла, бо ў рэптыліі той аказалася гняздо паміж першым і другім паверхам, пад лесвіцай. Але ўрэшце рэшт паехала і ва ўласным двары была ўкусана другой гадзюкай. Жанчынка не памерла, але пахварэла.
Зразумела, мяне ўразіла гісторыя. Я гадаў бачыла толькі ў серпентарыях, таму гісторыя мне здалася фантастычнай.
Тут мне растлумачылі прычыну такога нашэсця! Усё як у кіно! Аказваецца , дачны ўчастак гэты куплены ў 90я. А раней тут быў бусліны заказнік. А каб птушкам хапала ежы, ім час ад часу скідвалі ўсякіх гадаў з верталёту...Не ведаю, як буслы, але гады відавочна выжылі. Прычым і вужы, і гадзюкі. Месца называецца Майскі, і знаходзіцца ў трох прыпынках ад Пухавічаў. Вэлкам на экатурызм!
Карацей, здымкаў буслоў у маім ЖЖ у бліжэйшы час не будзе...
* * *

Previous

Рэкляма