annahonda (annahonda) wrote,
annahonda
annahonda

Шукайце жанчыну!

Гісторыя -- адзіная навука, якую не ўспрымаю ўсур'ёз. Нічога больш спекулятыўнага, чым яна, і прыгадаць не магу. Бо як толькі паміраюць апошнія сведкі здарэння, кожны здатны зрабіць з мінулым што заўгодна.
Учора паглядзела чарговую перадачу, дзе распавядалі пра таямніцу смерці Купалы. У такой сучаснай манеры, дзе высоўваецца шмат версій, а аўтар удае, што толькі ён здолеў дазнацца праўду. Не буду казаць, што ведаю, як яно было, але тое, што ў расказаным шмат недарэчнасцяў -- дакладна.
Карцінка была такая.
Масква. Гасцініца "Масква". 1942. Купала сядзіць з сябрамі, якія выпіваюць, у гасцінічным нумары. Па версіі вядучага -- Купала не п'е. Нехта таямнічы звоніць па тэлефоне. Купала выбягае адзін на калідор. Што адбываецца -- невядома. Сведкаў, як не аднойчы падкрэслівае вядучы, няма. Купалу знаходзяць унізе мёртвым, бо зваліўся ў пралёт (праз сапраўды вельмі нізкія парэнчы) і разбіўся. Пасля той жа вядучы гаворыць, што сведкі бачылі двух людзей. Адна з іх -- жанчына. Вядучы ўголас думае, што гэта магла быць карэспандэнтка газеты. А пасля намякае, што гэта магла быць і Паўліна Мядзёлка, любімая жанчына Купалы (для тых, хто не ведае, любімай яна была яшчэ да рэвалюцыі, прыблізна каля 1914 года). Пасля версія зводзіцца да "ворганаў" і адносіны Купалы са Сталіным...
Сюжэт, пакладзены ў перадачу, ужо даўно расцяганы па газетах. Чым больш праходзіць часу са смерці класіка, тым больш забойцаў і таямніцаў. Аднак, прызнаюся, той, хто звязаны з літаратурай, ведае, што яшчэ зусім нядаўна была вядомая зусім іншая гісторыя. Праўда, падрабязнасцямі мала хто мог падзяліцца.
Вось што расказвае пра акалічнасці гэтай трагедыі другі класік беларускай літаратуры -- Янка Брыль -- у кнізе "Вячэрняе".

"Не памятаю, калі гэта было, дый, можа, яно і не так важна, каб зусім дакладна пра час,— хапае і таго, што ўжо нямала гадоў стаіць у памяці гутарка з Пятром Панчам, удвух на познавячэрнім гасцінічным калідоры. У Маскве, у гасцініцы, што называецца аднайменна.
Пятро Ёсыпавыч сам пачаў гэтую гутарку. На дзесятым
паверсе, дзе мы з ім спыніліся, каля пралёту, у які зваліўся Купала. Ад успаміну пра гэта якраз і пачаў.
Утрох: Купала, Лынькоў і ён — стары, паважаны рас-казчык — выпілі, памятаецца ясна, палавіну паўлітра, коль-кі было ў бутэльцы. Захмяленне, такім чынам, выклю-чаецца. Выйшлі на калідор. Ужо ў пакоі развітаўшыся, і яшчэ пастаялі, пагаварылі. Купала прысеў, прыткнуўся бачком на коўзкім мармуровым парапеце. А тут праходзіла з падносам афіцыянтка — з пустым ці з поўным посудам, з пакоя якога ці ў які пакой — ужо ні Панч тады, а я цяпер, у восемдзесят восьмым годзе, з яго расказу не памятаю.
Іван Дамінікавіч і ў шэсцьдзесят гадоў любіў, кажучы па-вясковаму, зачапацца з маладымі жанчынамі. Ветлым, вясёлым словам, з усёй кавалерскай тактоўнасцю. Так га-варыў мне і Панч. А сам я чуў ад цёткі Уладзі гордае: «Мой Янка быў еўрапеец!..» Не вытрымаў ён і тады, з таго злавес-нага парапета. Ці то памкнуўся крышку гулліва: «Мая, ж ты красунечка!», ці то вельмі прыблізна хацеў штосьці па-добнае сказаць, зрабіць. А маладзіца — ці стомлена, са зра-зумелай нецярплівасцю, ці таксама з ветлым какецтвам — нібы хацела адмахнуцца ці адхіснуцца ад шаноўнага кава-лера. Ён варухнуўся таксама. Як і куды: да яе, ад яе — у тыя секунды ў памяці Панча не замацавалася. Адбылося адно — вялікі паэт, жывы чалавек паляцеў у глыбока-ка-менны пралёт...
Афіцыянтка ў той жа вечар знікла.
Расказана яшчэ і так, да таго, што ўжо хутка паўвеку гаворыцца пра. Яго заўчасную, трагічную смерць.
Некалькі сведак, нямала версій,— як быццам тут штосьці трэба было замоўчваць..." "Вячэрняе", 1994.

І ў мяне няма ніякіх падстаў не верыць Янку Брылю. Менавіта чалавечнасць гэтай версіі пераконвае мяне ў яе праўдзівасці. Але цяпер яе ніхто не хоча згадваць. Няма скандалу -- няма праблемы...
Subscribe

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 16 comments